Tuesday, December 12, 2006

Сустрэча на Эльбе

Ларыса ЦIМОШЫК

Малады, статны савецкi афiцэр узрушана братаецца з амерыканскiм. Гэты здымак у 45-м годзе абышоў увесь свет — яго надрукавалi на першай паласе буйныя еўрапейскiя i амерыканскiя газеты. I менавiта гэтае фота ў асабiстым архiве Аляксандра Сiльвашкi заўсёды займала асаблiвае месца. Нават у тыя часы, калi амерыканцаў — учарашнiх саюзнiкаў — сталi лiчыць ворагамi. А ён умудрыўся ў гады «халоднай вайны» падтрымлiваць сяброўства, якое пачалося з гiстарычнай сустрэчы на рацэ Эльбе. I за гэта, як нi дзiўна, яму нiчога не было...

— Сам не разумею, — усмiхаецца Аляксандр Сафронавiч Сiльвашка, адзiн з удзельнiкаў сустрэчы на Эльбе, а цяпер просты жыхар вёскi Морач Клецкага раёна. — З тых, хто першымi перакрыжаваўся з амерыканцамi, многiя пацярпелi. У маiх саслужыўцаў былi зламаныя лёсы, кар’ера. А мне пашчасцiла. Тут, у Беларусi, дзе я асеў з сям’ёй пасля вайны, мне давяралi адказную працу. Хоць сувязяў з амерыканскiмi сябрамi я не хаваў.

Жывога амерыканца Аляксандр Сiльвашка ўбачыў 25 красавiка 1945 а палове чацвёртай гадзiны вечара. Памяць нават зараз патрабуе дакладнасцi — усё-такi ў ваеннай разведцы служыў. Менавiта iх атрад быў першым, хто пераадолеў рэшткi разбуранага мастка цераз Эльбу ў раёне нямецкага горада Таргау. Людзi з аднаго i з другога боку караскалiся па руiнах, i ў той момант немагчыма было нiкога стрымаць нiякiмi камандамi. Для тых, хто ваяваў, гэта было падобна на перамогу. З гiсторыi вядома, што першы пацiснуў руку амерыканцу лейтэнант Галабародзька. Так, пацвярджае Аляксандр Сафронавiч. Але камеры амерыканскiх фотакарэспандэнтаў, якiя iмкнулiся быць побач з вайскоўцамi, адлюстравалi «братанне» камандзiра атрада амерыканцаў Робертсана i камандзiра атрада аўтаматчыкаў савецкага войска Сiльвашкi.

— Нас было чацвёра наперадзе ўсяго войска: маёр Ларыёнаў, капiтан Нэдэ, Андрэеў i я, — распавядае Сiльвашка. — Мы сапраўды радавалiся, таму што разумелi: калi саюзнiкi сустрэлiся, значыць, вайне хутка прыйдзе канец. Да таго ж амерыканцы аказалiся простымi, адкрытымi людзьмi. Эмоцыi ўляглiся, i амерыканцы тут жа запрасiлi да сябе. Маёр Ларыёнаў узяў на сябе адказнасць паехаць у амерыканскi штаб. Мы рушылi. А па дарозе сталi думаць, можа, дарэмна пагадзiлiся, а раптам што не тое?.. Даехалi, Робертсан пайшоў дакладваць свайму камандаванню. Яму сказалi: «Ты не той груз прывёз...» Яго ўзялi пад арышт i накiравалi да Эйзенхаўэра, якi камандаваў амерыканскай армiяй. Той ва ўсiм разабраўся, расканваiраваў Робертсана i загадаў — усiм саставам да яго. У вынiку Вiльям Робертсан атрымаў заахвочванне. Акрамя таго, i нашы ўзнагародзiлi яго ордэнам Аляксандра Неўскага. Але сваiм жа — нiчога не далi, нiякiх узнагарод. Вось толькi хiба амерыканцы — яны здымалi зорачкi з пагонаў i дарылi на памяць: маўляў, мiр, радасць, сяброўства на век.

Нашы вайскоўцы i не думалi пра ўзнагароды. Але думаць не маглi i пра тое, што двое з iх будуць пазней рэпрэсiраваныя. Можа, за свавольства — надта многа на сябе ўзялi ў той дзень?..

Сустрэча саюзнiкаў на Эльбе была прадвызначана i чакалася. Толькi галоўнымi дзеючымi асобамi, напэўна, павiнны былi быць у ёй зусiм iншыя людзi, з iншымi паўнамоцтвамi. Але на вайне бывае першым той, хто наперадзе. А гiсторыю ўжо не выправiш: 25 красавiка ў ясны сонечны дзень разведвальны дазор амерыканскай 69-й пяхотнай дывiзii сустрэўся з авангардам 58-й гвардзейскай дывiзii Першага Украiнскага фронту. У вынiку германская армiя была расколатая на дзве часткi, што паскорыла яе канчатковы разгром.

Яшчэ да сустрэчы савецкiя i амерыканскiя салдаты атрымалi падрабязныя iнструкцыi, як распазнаць сябе. Нашы павiнны былi страляць чырвонай ракетай, амерыканцы — зялёнай. Была яшчэ адна iнструкцыя, якая не дазваляла панiбрацтва.

Але працэс пайшоў, i яго ўжо было не стрымаць. Хадзiлi ў госцi адзiн да аднаго. Савецкiя салдаты на сустрэчы з амерыканцамi прыхоплiвалi свае законныя 100 грамаў «франтавых».

Хутка пасля той сустрэчы ў Таргау маршал Конеў запрасiў амерыканскiх генералаў на сяброўскую сустрэчу ў свой штаб на беразе Эльбы. Праз два тыднi Конеў нанёс амерыканцам вiзiт у адказ. Быў банкет, потым канцэрт. Абмен падарункамi. Усе былi задаволеныя.

Пра тыя падзеi Аляксандр Сафронавiч Сiльвашка распавядаў потым сваiм вучням. Пасля вайны ён стаў настаўнiчаць, выкладаў гiсторыю i геаграфiю. Адну i другую засвоiў дзякуючы асабiстаму вопыту — палову Еўропы прайшоў i пра далёкую Амерыку ведаў.

Ветэраны сустрэчы на Эльбе пасля вайны не згубiлiся. Яны кожны год сустракалiся ў Таргау, на нямецкай зямлi. А ў 55-м, на дзесятую гадавiну гiстарычнай сустрэчы, амерыканскiя ветэраны запрасiлi нашых да сябе ў Амерыку. Дэлегацыя савецкiх ветэранаў фармiравалася ў Маскве. У Амерыку павiнен быў накiравацца i Сiльвашка. Але ў той раз не адбылося. Дзярждэпартамент ЗША для вiзы на ўезд запатрабаваў адбiткi пальцаў. На гэта нашы вырашылi даць свой адказ. Ён абмяркоўваўся ў камiтэце ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны, якi ўзначальваў Аляксей Марэсьеў. Ён i выказаў прапанову запрасiць амерыканскiх ветэранаў у Савецкi Саюз. I не браць адбiткi пальцаў.

Амерыканцы прыляцелi — дзевяць чалавек, на дзевяць дзён. Iм наладзiлi выдатны прыём. Аляксандр Сафронавiч быў асаблiва рады сустрэцца з Вiльямам Робертсанам. Пасля вайны той звольнiўся з войска, скончыў медыцынскую навучальную ўстанову, ажанiўся з жанчынай, якая была дзiцячым урачом, выглядаў цалкам шчаслiвым чалавекам.

Сустрэч на савецкай зямлi было шмат. А напрыканцы вiзiту Сiльвашку даручылi ўручыць усiм гасцям па 200 рублёў — на сувенiры. Ён жа павёз iх у ЦУМ, дзе амерыканцы накуплялi падарункаў з СССР.

Просты савецкi чалавек, Сiльвашка i падумаць не мог, што яго цалкам легальныя ветэранскiя стасункi могуць кагосьцi насцярожыць. Ён працаваў дырэктарам школы ў Лiдскiм раёне тады, калi аднойчы за чатыры хвiлiны да канца ўрока яго тэрмiнова выклiкалi на размову. Прыехаў асабiста сакратар гаркама партыi. Падазрэнне было з-за таго, што меў зносiны з амерыканцамi. Нашы людзi, як вядома, сумнiўных сувязяў мець не павiнны. З-за гэтых сувязяў яго саслужыўцаў Ларыёнава i Нэдэ выключылi з партыi. Ларыёнаў хутка пасля гэтага аддаў Богу душу. Нэдэ працаваў экскаватаршчыкам i спiўся. Зламалi жыццё людзям. Маглi разабрацца i з iм. Аднак «ворагам народа» Сiльвашка не стаў — змянiлiся часы. I вось лiдар краiны сам паехаў у Амерыку...

У 62-м годзе Аляксандр Сiльвашка ўжо быў старшынёй калгаса ў Iўеўскiм раёне. Славутую «хрушчоўскую адлiгу» адчуў на ўласнай шкуры. I ўплыў на яе Амерыкi таксама — усiх прымусiлi сеяць кукурузу. А яна, як на лiха, не ўрадзiла. Што было рабiць старшынi? На свой страх i рызыку ён вырашыў пераараць поле i пасеяць канюшыну — было хоць чым жывёлiну кармiць. Што тут пачалося!.. З пасады старшынi звольнiлi. Але асаблiва крыўдна было тады, калi яго, ветэрана, выключалi з партыi. Ды за што — за амерыканскую кукурузу!..

Яго сябра Уiльям Робертсан тым часам у сябе на радзiме рабiў выдатную медыцынскую кар’еру. Ён працаваў нейрахiрургам у Лос-Анджэлесе, стаў прафесарам, вядомым спецыялiстам. Да таго ж — актыўным барацьбiтом за мiр у гады «халоднай вайны». Тое «пахаладанне» не паўплывала на iх адносiны. Ветэраны працягвалi сустракацца ў Таргау. Нямецкi горад iх паяднаў. Не толькi праз агульныя ўспамiны, якiя выкладзены ў кнiзе «Сустрэча на Эльбе». Гэтая зямля стала для iх сапраўды сваёй i клiкала збiрацца ля помнiка нягледзячы нi на што. Некаторыя выбралi яе нават пасля смерцi, як амерыканец Ёзэф Палаўскi, якi пахаваны ля ракi Эльба. А Аляксандр Сiльвашка i да сёння лiчыцца ганаровым грамадзянiнам горада Таргау. А таксама двух амерыканскiх гарадоў.

Ён паляцеў за акiян адначасова з Гарбачовым. Канешне, самалёты ў iх былi розныя i розныя статусы. Але мэта, напэўна, адна. Цi не дзеля яе, уласна, i выклiкалi ветэрана сустрэчы на Эльбе Сiльвашку, каб накiраваўся ў Амерыку з сiмвалiчным вiзiтам: «жалезная заслона» ўпала, мы зноў можам быць саюзнiкамi...

Амерыканская сустрэча планавалася вельмi сур’ёзна — у Маскве, у Савецкiм камiтэце ветэранаў вайны ў 86-м годзе быў жорсткi адбор кандыдатуры, якая задаволiла б абодва бакi. Сцiплы дырэктар вясковай школы з Беларусi, у мiнулым афiцэр, карыстаўся павагай сярод сваiх ветэранаў. Ведалi i пра яго асабiстыя кантакты з Робертсанам.

...Той сустракаў свайго сябра ў аэрапорце. Увага да iх была вялiзная. Можа тады савецкi чалавек Аляксандр Сiльвашка ўпершыню адчуў магутную сiлу мас-медыя. Ён даведаўся, што iх фота — тое самае, ваеннае — было растыражаванае ў Амерыцы, i, што дзiўна, яго мог набыць за грошы любы чалавек. I не хацеў — а стаў «зоркай»... Нават аўтографы прасiлi. Дзеля яго арганiзавалi «Выставу гонару i даверу». З iм iмкнулiся сустрэцца эмiгранты, ужо немаладыя людзi, якiя лавiлi кожнае слова чалавека «адтуль», з былой радзiмы. Але былi i байкоты, людзi з плакатамi: «Навошта прыехаў Сiльвашка?»

— Як рэагаваў? — усмiхаецца Аляксандр Сафронавiч. — З цiкавасцю. Зразумеў галоўнае: там таксама жывуць людзi, якiя ўсяго толькi хочуць жыць. Але маюць розныя ўяўленнi пра жыццё. Нам, ветэранам, сапраўды было прасцей зразумець адзiн аднаго: мы апынулiся на адной вайне. На той, якая не была патрэбная нi нам, нi амерыканцам, на той, дзе гiнулi людзi i мы гэта бачылi на свае вочы. «Халодная вайна», якая потым размежавала нашы народы, iшла хутчэй у свядомасцi i многiя, хто вырас пазней, гатовыя былi яе працягваць толькi з-за нейкiх прынцыпаў. Мы шмат гаварылi пра гэта з Вiльямам. Я быў яго госцем i зразумеў, што гэты чалавек усяго дасягнуў сам. Яго жонка памерла рана, ён клапацiўся пра трох сыноў, якiя выраслi харошымi людзьмi. Я з задавальненнем распавядаў пра сваiх дачок. Мы вялi сапраўды мiрныя, чалавечыя размовы. З маёй паездкi ў Амерыку ў 87-м найчасцей мне ўспамiнаюцца менавiта нашы асабiстыя кантакты з Бiлам. I, канешне, экскурсiя ў славуты Белы дом. Я адчуваў сябе вiп-персонай...

Вярнуўшыя дадому, Аляксандр Сафронавiч атрымаў падзяку за сваю мiсiю. I ганаровую грамату, падпiсаную Iванам Шамякiным — за барацьбу за мiр.

За мiр i цяпер трэба змагацца, упэўнены 84-гадовы ветэран. Але чамусьцi гэтая тэма ўжо не такая папулярная. Хiба войнаў у свеце стала меней? Хiба не гiнуць людзi? Не ў нас — заспакоена разважаем мы. Тое пакаленне разважае iнакш: калi на адным канцы свету грымнула, то рэха ўсё роўна пракоцiцца паўсюдна. Але тое пакаленне сыходзiць. Ужо пяць гадоў як памёр яго сябра Вiльям Робертсан, мала ветэранаў Эльбы засталося. I ўсё роўна сустрэча з амерыканскiмi афiцэрамi адбылася сёлета, дзе яны глядзелi фiльм пра тыя падзеi. Гэтыя сустрэчы — нiбыта пераклiчкi тых, хто стаў салдатам мiру. Хоць як i раней яны iснуюць па розныя бакi адной ракi.

0 Comments:

Post a Comment

<< Home