Узровень культуры грамадзтва залежыць ад пэўных цывілізацыйных фактараў, якія выяўляюцца ў канкрэтных азначэньнях таго, чым займаецца грамадзтва, што і як вытварае, які парушае падзел і якая сувязь (камунікацыя) паміж людзьмі, якія іхныя ўяўленьні пра сьвет і пра сэнс існаваньня.
Чыньнікі грамадзкага падзелу і камунікацыі ёсьць галоўнымі дзейнікамі паскарэньня і разьвіцьця культуры. Грамадзтва роўных людзей амаль не разьвіваецца (напрыклад, прымітыўныя супольнасьці на нізкай ступені існаваньня).
Тым часам жорсткі сацыяльны падзел без зьявы грамадзкай камунікацыі прыводзіць да застою і марнаваньня магчымасьцяў культуры, да дэградацыі.
Для нармальнага разьвіцьця камунікацыйны дзейнік культуры павінен выступаць чыньнікам грамадзкай лучнасьці, стаць спосабам гарманізацыі сувязяў і дачыненьняў людзей. Якраз тады праяўляецца паскарэньне як шлях да стабільнасьці грамадзтва. Стабільнасьць жа грамадзтва – гэта ёсьць стабільнае разьвіцьцё культуры.
Камунікацыйнымі чыньнікамі разьвіцьця (паскарэньня) культуры трэба лічыць рэлігію, дзяржаву, пісьмовасьць, урбанізацыю, тэхніку і ў апошні час – інфарматыку.
Пацікавімся адной з гэтых істотных зьяваў дынамікі і стабільнасьці сацыяльна – культурнага разьвіцьця – урбанізацыяй.
Мы, беларусы, гістарычна малады народ. Прыблізна тысячу гадоў таму ў нас адбыўся культурны выбух. Супала некалькі цывілізацыйных падзеяў. Практычна ў адзін і той жа час узьніклі гарады, пісьмовасьць, дзяржава і распаўсюдзілася Хрысьціянства. За вельмі кароткі час нашыя продкі выйшлі з гістарычнага нябыту і стварылі вялікую цывілізаваную магутную дзяржаву, якая сталася ня толькі геапалітычнай, але і культурнай зьявай Эўропы.
Дынамічным чыньнікам, маторам эўрапейскай культуры былі гарады. Беларускія гарады карысталіся Магдэбургскім правам, мелі самакіраваньне і вольнае саслоўе, канцэнтравалі гандаль і рамесьніцкую вытворчасьць, былі цэнтрамі адміністраці і рэлігіі, станавіліся часта (што датычыць сталіцаў) духоўнымі і культурнымі цэнтрамі ўсяго народу.
Аднак, каб урухоміць цывілізацыйную ролю гарадоў на ўсё грамадзтва, патрэбна, каб існавала прадуманая ўрбаністычная сістэма сувязі паміж горадам і вёскай, спалучаная з камунікацыйнымі магчымасьцямі людзей.
У сярэднявяковай Беларусі, гэта значыць у Вялікім Княстве Літоўскім, якраз была створана і добра дзейнічала такая сістэма.
Прынцып яе заключаўся ў тым, што паміж сталіцай, вялікімі гарадамі і вёскай існавала мноства маленькіх гарадкоў – паселішчаў з сацыяльна-культурным статусам гарадзкога цэнтру. Гэта славутыя беларускія мястэчкі.
Мястэчка, як правіла, было цэнтрам мясцовай адміністрацыі і парафіі. Тут былі і царква і касьцёл. У мястэчку, акрамя сялянаў, жылі гандляры, мяшчане і рамесьнікі, былі крамы, школа, аптэка, часам шпіталь ці пры боку кляштар і замак, будынкі адміністрацыі. У мястэчках існавала галоўная гандлёвая плошча і рынак. Шмат якія мястэчкі мелі самакіраваньне, магдэбургскія гэрбы і свабоднае саслоўе.
Беларускія мястэчкі, як правіла, разьмяшчаліся на адлегласьці ад 12 да 16 кілёмэтраў адно ад другога. Мы можам нядрэнна прасачыць гэтую сістэму на тэрыторыі былой Віленшчыны, дзе яна найлепш захавалася.
Пачнем адвольна, скажам, зь Дзявенішак. Праз 14 кілёмэтраў на поўдзень ад Дзявенішак – мястэчка Суботнікі, на захад ад Суботнікаў за 12 кілёмэтраў – мястэчка Геранёны з замкам і касьцёлам; за 16 кілёмэтраў на паўднёвы захад – мястэчка Ліпнішкі; за 12 кілёмэтраў на паўночны ўсход – мястэчка Трабы з царквой і касьцёлам; за 12 км на ўсход – мястэчка Юрацішкі, ад Юрацішак за 14 км паўднёвы захад – мястэчка Іўе, а за 12 км на поўдзень – Лаздуны; 12 км за Лаздунамі – Бакшты; за 14 км на захад ад Іўя – Ліпнішкі, за 12 км на захад ад Ліпнішак – мястэчка Тракелі, потым Воранава, Беняконі і г. д. Ва ўсе канцы праз 12-14-16 кілёметраў ёсьць мястэчкі.
Калі пайсьці на паўночны ўсход ад Суботнікаў праз Трабы, то далей, праз 14 км ад Трабаў – славутае мястэчка Гальшаны з замкам і касьцёлам. Збоку – Меднікі з замкам, з другога боку – Багданава, потым – Вішнёва з касьцёлам і царквой. Ідучы гэтак на поўночны ўсход праз Жупраны, Ашмяны, мы дойдзем, мінаючы шэраг мястэчак, да Астраўца, Гервятаў, Сьвенцянаў, потым да Відзаў, Дрысьвятаў, Опсы, горада Браслава, потым, праз 12 кілёмэтраў – да мястэчка Слабодка, праз 14 – да мястэчка Плюсы, далей – да Друйска, Друі, Прыдруйска і так аж да Невеля – паўночнай мяжы былога Вялікага Княства.
Гэтак жа, ці то ад Дзявенішак праз Яшуны, Салечнікі, ці то ад Гальшанаў мы праз кожныя 12-16 кілёмэтраў, мінаючы мястэчкі, дойдзем да Вільні, Лентварава ды Трокаў і потым – на Майшаголу і Неманчын.
Такая ж сістэма сягае аж да Беластоку і Берасьця. Выразна праглядваецца яна вакол Менска, Магілёва і Віцебска ды Полацка. Рэшткі яе існуюць і ў паўднёвай Беларусі вакол Пінска ды Мазыра.
Рацыянальнасьць урбаністычнай сістэмы Вялікага Княства відавочная. Кожнае мястэчка, як бачым, мела радыюс ахопу тэрыторыі 6-8 кілёмэтраў. Гэта псіхалягічна максімальная адлегласьць для пешахода, калі чалавек мог кіравацца ў дарогу пехатой, не спадзяючыся на каня. Тым часам гэта адна гадзіна язды на запрэжанам кані.
Жыхар любой вёскі ў разе патрэбы мог у любы час на працягу адной-дзвюх гадзінаў трапіць у мястэчка, у мястэчку якраз і адбываўся культурны абмен паміж горадам і вёскай. Мястэчка было рэальным перадатачным зьвяном культуры.
Паміж мястэчкам і горадам існавала рэгулярная чаўночная міграцыя і сувязь (гандлёвага, адміністрацыйнага, канфэсійнага і іншага парадку). У мястэчку і ў горадзе быў у прынцыпе аднолькавы характар культуры, толькі ў мястэчку ў меншым маштабе. (Дарэчы, і архіўныя, і археалягічныя матэрыялы добра гэта пацьвярджаюць.)
Тым часам селянін часта і рэгулярна наведваў ня горад, а якраз мястэчка, і адтуль чэрпаў свае ўяўленьні пра больш шырокі сьвет і гарадзкія дачыненьні.
Урбаністычная сістэма Вялікага Княства дала вельмі шмат для беларускай культуры. Яна забясьпечыла ёй агульнаграмадзкі эўрапейскі ўзровень і засьцерагла ад правінцыялізму. Гэта значыць ад культурнага разыходжаньня, ад бездані паміж горадам і вёскай.
Там, дзе не існавала сістэмы культуратворнай (эўрапейскай) урбанізацыі, там заўсёды прысутнічаў грамадзкі правінцыялізм. (Велічная Бухара ды Самарканд – у атачэньні жывелагадоўчых плямёнаў з прымітыўнымі заняткамі ды ўяўленьнямі; купецкая Масква, чыноўны Пецярбург і побач, як казалі самы расейцы, – «мерзость россійской действітельності».)
У Расеі не было ні вольных гарадоў, ні самакіраваньня, ні Магдэбургскага права, ні мястэчак, ні прадуманай сістэмы ўрбанізацыі. Такі стан вынікаў увогуле з неэўрапейскага характару рускага грамадзтва. У пачатку ХХ-га стагоддзя ў Расеі існавала велізарная культурная розьніца паміж горадам і вёскай. Бальшавікі паставілі задачу ліквідаваць гэтую бездань. І ліквідавалі па-свойму: разбурылі вёску і зьнішчылі сялянства. (Набудавалі таксама непатрэбных савецкіх гарадоў, у якіх немагчыма жыць.)
На Беларусі яны першым чынам ліквідавалі саму назву «мястэчка». Перайменавалі мястэчкі то ў «дзярэўні», то ў «гэпэ» («гарадзкія пасёлкі»). Расейцы моцна дэфармавалі функцыі беларускага мястэчка, шмат якія мястэчкі давялі да поўнай дэградацыі, але зьнішчыць дазваньня ўсё ж не пасьпелі.
Урбаністычная палітыка расейскіх камуністаў на Беларусі заключалася ва ўкараненьні такой мадэлі, якая б стымулявала працэсы русіфікацыі беларусаў і міграцыі расейцаў у Беларусь. Зыходзячы з гэтай задачы, у пачатку 60-х гадоў, на закрытым паседжаньні ЦК КПСС у Маскве было прынятае рашэньне аб разбудове Менска ў вялікі мегаполіс з шматмільённым насельніцтвам.
Потым, у 1964 годзе, узьнік плян ліквідацыі на Беларусі вясковых паселішчаў. Дзеля гэтага быў прыдуманы тэрмін «непэрспэктыўная вёска». 73 адсоткі беларускіх вёсак намерваліся ліквідаваць, сьцерці з твару зямлі.
Гэты плян ужо ня меў дачыненьня да ўрбанізацыі. Адкрыта рыхтавалі культурную катастрофу і вынарадаваньне беларускай нацыі.
Мы, беларусы, павінны быць удзячныя Богу, што своечасова распаўся Савецкі Саюз.
Дбаючы пра нашу будучыню і нашу культуру, мы мусім будзем шмат што адбудаваць, адрадзіць, аднавіць; у тым ліку вярнуцца да культуратворчай сістэмы ўрбанізацыі, абумоўленай інтарэсамі нашага грамадзтва, дабром нашых людзей, эканомікай, экалёгіяй і культурнай пэрспэктывай. Мы павінны будзем адрадзіць нашыя мястэчкі.
Беларуская гісторыя нам штодзённа сцьвярджае і сьведчыць, што наша нацыянальная будучыня знаходзіцца ў нас самых. Мы, і толькі мы, беларусы, мусім яе ажывіць і ўсталяваць на нашай зямлі.
Зянон Пазьняк
0 Comments:
Post a Comment
<< Home